Дравы нумар #13 / студзень 2009


Хутка толькі ракі зімуюць

000279
У нашай краіне сур'ёзныя фірмы абыходзяцца без рэклямы, а зусім сур'ёзныя – нават без шыльды.
000280
З апошніх сацыялагічных апытаньняў вынікае, што ў войска імкнуцца выключна дыверсанты.
000281
- Якая цікавая кружка Эсмарха.
- Дурань, гэта – кальян!
000282
Нармальныя людзі ў нядзелю – знашаюцца дома, ненармальныя – у працы з кампутарам.
000283
У грамадскім транспарце з цябе гарантавана некалькі разоў, па кроплі, выціснуць раба.
000284
- Якая розьніца паміж "павінен" і "абавязаны"?
- Вось калі я табе грошы пазычыў, ты мне - павінен, а калі падарыў, дык - абавязаны.
000285
Сіла волі – гэта калі табе кажуць, што ня трэба, а ты ўсёроўна робіш.
000286
Канфіскацыя – гэта калі ўжо не пытаюцца, ці хочаш ты прынесьці карысьць дзяржаве ў асабліва буйных памерах.
000287
- На якой вышыні будзем умывальнік вешаць?
- Мне по хер.
000288
Пляны на будучыню, не адпавядаючыя вашым фінансавым і фізічным магчымасьцям, завуцца марамі.
000289
Мужык сказаў – мужык зрабіў. Баба сказала – мужык зрабіў. Баба зрабіла – чаго ўжо тут казаць...
000290
Калі самалійскія піраты патрабавалі выкуп за ўкраінскае судна, у Газпроме сьмяяліся да сьлёз.
000291
„Эканоміка павінна быць эканомнай“, права павінна быць спраўнае!
000292
Адпачынак можа быць як актыўным так і пасіўным. Актыўны - калі адпачываеце вы, пасіўны – калі адпачываюць вас.
000293
- Мы гналі ворагаў да самай мяжы!
- А далей?
- Далей, нас без пашпартоў не пусьцілі.
000294
Патрыёт бацькаўшчыны – кахае сваю краіну, але ненавідзіць яе грамадзян.
000295
- “Юшчанка Так!”
- Таксама першы раз бачу, каб “Поц” – пісалі адразу з трыма памылкамі.
000296
Зарабляю я добра, ды атрымліваю - мала.
000297
- Ты хто?
- Конь!
- А чаго прыперся?
- Дык жа я ў вас яшчэ не валяўся!

«Рок-школа»: навучальны год пачаўся


У межах праекту «Рок-школа» былі абраныя тры гурты, зь якімі будуць
працаваць вядомыя беларускія музыкі. Гэта ESPRIT, «Абшар» і Tlusta
Lusta. «Голай манашцы» прадаставілі магчымасьць бясплатнага запісу
песьні, бо журы палічыла, што гурт Федзі Жывалеўскага ўжо няма чаму
вучыць. Магчыма, што ў бліжэйшы час будуць названыя яшчэ два фіналісты
«Рок-школы». Тым часам, навучаньне ў гэтай незвычайнай школе ўжо
пачалося. ТГ друкуе канспэкт зь першага ўроку, дзе настаўнічаў Міхал
Анемпадыстаў, напісаны вучаніцай Леяй Гілар з гурта ESPRIT.

«Я ня ўмею пісаць і калі б я ведаў, як гэта робіцца, я бы сядзеў і
„касіў бабло", — Міхал пачаў свой „урок" з жарту. — Галоўнае —
прыдумаць слова, якое чапляе. Далей — няма рэцэптаў». Няма рэцэптаў,
але ёсьць некалькі правілаў, якія дапамогуць не заблукаць у сьвеце
словаў пачынаючым аўтарам-тэкставікам.

Дакладна не рэкамэндуе Міхал «вымучваць» тэкст. «Тое, што я ня раю
рабіць — пісаць тэкст пра зьяву, на тэму. Марны занятак мэтанакіравана
прыдумваць ідэю і потым сядзець выпрацоўваць зь яе тэкст. Мне здаецца,
што трэба пачынаць не з задумы, а з вобразу, зь якога атрымліваецца
альбо не атрымліваецца тэкст. І гэта павінен быць ёмкі мастацкі
вобраз, які чапляе. У той жа час гэта павінная быць рытмічна
вытрыманая фраза. Варта злавіць прасьвятленьне, якія бываюць у
кожнага, хуценька занатаваць, а потым на гэтую раптоўную зачэпку
нанізваць тэкст. У сувязі з гэтым, як толькі зьявілася ідэя з паветра,
і вы нешта такое адчулі, што вам падаецца важным, то патрэбна проста
хутка схапіцца за гэта, бо празь месяц гэта прыдумаюць яшчэ некалькі
чалавек, а праз два — гэта ўжо нікому ня будзе патрэбна».

Такім чынам, правіла першае: лавіце натхненьне.

«Трэба ставіцца да свайго ўнутранага сьвету з павагай», — працягвае
Міхал Анемпадыстаў. Тое, што вам цікава, міла, дорага, чапляе, тое,
што да вас не адзін раз вяртаецца, можа быць варта таго, каб вы пра
яго расказалі ўсім астатнім. Тут важныя два моманты — уменьне
раскрыцца і паказаць сваю сярэдзіну і тое, наколькі гэта цікава
аўдыторыі, і наколькі гэта трапіла ў тое месца і ў той час.

Правіла другое: пачынайце з зачэпкі.

«Яна зьяўляецца кожны дзень па дзесяць разоў вам, проста яе трэба
ўмець распазнаць», — кажа Міхал Анемпадыстаў. Яшчэ лепш, калі зачэпка
зьвязаная зь нейкім культурным кодам, што асацыятыўна вядзе слухача ў
нашую культуру. «Хавайся ў бульбу» — цудоўны прыклад, калі
словазлучэньне выклікае шэраг асацыяцыяў з культурнымі кодамі. Прычым,
менавіта з нашымі, беларускімі. Трапны вобраз «танцы палонных»,
расказвае Міхал, яму падказала дачка, якая гулялася з цацкамі. А можна
пачуць у аўтобусе яшчэ і не такое — і гэта будзе геніяльна.

Правіла трэцяе: вобраз павінен быць запамінальным.

Канкрэтыка, зразумеласьць — вось што патрэбнае слухачу. Гэта можа быць
эмацыйнае разуменьне тэксту, альбо трапныя словы, якія маюць нейкі
канкрэтны сэнс. Рок-тэкст — гэта не зусім паэзія, ён мае сваю
спэцыфіку. Паэтычны тэкст можа стаць добрым тэкстам для песьні, але
бывае наадварот. Як і тэкст песьні не заўсёды валодае якасьцямі
добрага верша. Вельмі важны асяродак: музыкантам патрэбна кантактаваць
ня толькі з музыкантамі. Лепш генэраваць вакол сябе кола аднадумцаў,
пажадана — з творчых людзей розных прафэсіяў. З адметных вобразаў —
«драўляныя рукі» ў адным з тэкстаў гурта Zaniapad. Сюрэалістычны, не
зусім зразумелы без кантэксту, але вельмі трапны. Альбо любыя вобразы
паэта Алеся Разанава — гэта штодзённыя вобразы: бульба, колы, сялянскі
побыт, выведзены на ўзровень касьмічнасьці. Вядро з бульбай у яго —
гэта элемэнт космасу. І ў гэтым запамінальнасьць гэтага вобразу.

Правіла чацвертае: стыль фармуе тэкст.

«У рок-тэкстах могуць адсутнічаць гэтыя вобразы, прымальна сьпяваньне
нелітаратурнай мовай, — кажа Міхал. — І мне гэта падабаецца і часам я
да гэтага імкнуся. Калі песьня складаецца з тых фраз, што мы гаворым
штодня пры поўнай адсутнасьці вобразаў, гэта таксама цікава.
Рок-музыка ўвогуле вельмі блізкая да штодзённага жыцьця. У
адрозьненьні ад джазу, які жыве ў арт-прасторы. Ці ад папсы, якая
стварае бліскучую рэчаіснасьць. Рок-музыка дасьледуе тое, што мы
сёньня і цяпер адчуваем. Аўтары рок-тэкстаў цэлыя фразы і кавалкі
тэкстаў знаходзяць у рэчаіснасьці.

Рэп, паколькі там тэкст дзіка важны, — больш кансерватыўны. Там ёсьць
канон і праз гэты канон складана выйсьці. Даводзіцца тварыць у рамках.
Рок-музыка ў шырэйшым разуменьні — тут няма межаў і можна тварыць усё,
што заўгодна».

Але найбольш цікавае, падкрэсьлівае Міхал Анемпадыстаў — прарыў на
стыку жанраў. Стыкі паміж рознымі жанрамі звычайна даюць нешта новае і
цікавае. Калі людзі заганяюць сябе ў фармат нейкага стылю і
разьвіваюцца толькі ў пляне павышэньня «тэхнічных якасьцяў» — гэта ня
дасьць добрага прадукту.

Ёсьць розная патрэба і ў форме рок-тэкстаў у сувязі са стылем.
Кароткія, энэргічныя, сьвядома спрымітызаваныя тэксты патрэбныя аднаму
стылю. Можна правесьці аналёгію гэтых тэкстаў з замовамі, у якіх
мінімальнымі сродкамі дасягаецца эмацыйны накал — вось яна сапраўдная
магія слова! Гэта падыходзіць для тых песень, дзе тэксты на фоне
музыкі, дзе іх ня вельмі чуваць.

Калі мы бярэм традыцыйныя песьні, тут няма асаблівых правілаў,
зьвяртаем ўвагу толькі на сэнс. Ён павінен быць альбо лягічна
зразумелы, альбо павінен быць эмацыйны message.

Правіла пятае: як карабель назавеш, так ён і паплыве.

Усё пачынаецца з назвы. «Калі я прыходжу ў журы, я перш за ўсё гляджу
на ўдалыя назвы выступоўцаў, — кажа Міхал. — Міжволі, калі
праслухоўваеш матэрыял, асацыюеш зь імі людзей і запамінаеш. Назвы,
якія цяжка вымаўляюцца, не нясуць за сабой нічога, апроч самога гурта
— дрэнныя. Трэба таксама задумвацца пра экспарт назвы, як яна будзе
ўспрымацца нетутэйшымі людзьмі. Таму таксама трэба ўлічваць, як назва
транспартуецца на лацінку. Пажадана мець лягатып, які паўтараецца з
альбома ў альбом і дапамагае ідэнтыфікаваць гэты гурт. Раю зьвяртацца
да спэцыялістаў, а не рабіць аматаршчыну. Лягатып — гэта фірмовае
напісаньне слова, дзе кожную літару і іхняе спалучэньне мы разглядаем
як графічны элемэнт, карцінку. Гэта ўсё разам узятае стварае фэномэн
гурта. Пакуль няма ідэнтыфікацыі — ніхто яго ня ведае. Потым гурт
пачынае ўспрымацца, як нешта маналітна цэлае.

Другім этапам папулярнасьці гурта становіцца цікавасьць да людзей,
якія ёсьць у гурце. Калі фармацыя ўзьнікае як зьява, пачынаецца
посьпех і любоў прыхільнікаў. Адна з мэтаў на гэтым этапе —
папулязаваць ня толькі франтмэна, але і кожнага з удзельнікаў».

Правіла шостае: «не пакідайце ж мовы нашай беларускай…»

«У Беларусі трэба пісаць па-беларуску. Гэтым самым вы ствараеце
культуру самі. Калі вы проста „дрынькаеце", гэта адно, а калі музыка —
частка вашага жыцьця, то мне падаецца значна больш цікавым
удзельнічаць у стварэньні культуры. Калі ў вас мэты прасоўваньня на
розныя рынкі, расейская ці ангельская мовы будуць больш выгадныя. Але
я вельмі сумняюся, што група не са Старой Эўропы можа прыехаць і
раптам усіх пакарыць. Калі нараджаецца зьява, рух, плыня – мажліва,
але… На мой погляд, больш важна ўдзельнічаць у будаваньні культуры.
Такім чынам, тут і цяпер мы з вамі ствараем тое, што зьяўляецца
менавіта беларускай культурай. І перш за ўсё — празь беларускамоўныя
тэксты».

На «ўроку» ў Міхала Анемпадыстава пабывалі ня толькі гурты, абраныя
для далейшай працы сябрамі журы, але і іншыя ўдзельнікі праекта.
Здаецца, зусім ня лішне было маладым музыкам пачуць крытычны аналіз
сваіх тэкстаў, альбо паўдзельнічаць у дыскусіі пра шоў-бізнэс, якая
разгарнулася ў другой палове сустрэчы. Але гэта зусім іншая гісторыя.




Лея Гілар

Праграмма НАТА 6666 эўра


Лівонія ў межах праграммы НАТА выдзяліць Грузіі 6666 эўра

Улада Лівоніі згадзілася на выдзяленьне Грузіі 6666 эўра ў межах праграммы “Супрацоўніцтва дзеля міра”, паведамляе РИА Новости.

Раней у межах гэтай праграммы Грузія ўжо атрымала ад Лівоніі 30 тысячаў эўра.

Па інфармацыі агенства , грошу пойдуць на знічэньне ўжо непатрэбнай збройі. Размова ідзе пра знічэньне больш за тысячу не кіруемых ракет S-8, больш чым 5,7 тысячаў ракет ціпа “Алазань”, а таксама амаль дзьвух тысячаў ракет ціпа “Крышталь”, якія захоўваюцца на грузінскіх вайсковых аб’ектах.

Mixnews.lv удакладняе, што 6666 эўра ад Лівоніі будуць паўжыты на даследваньні, датыкаючыеся рэалізацыі плянаў па нейтралізацыі боезапасаў, застаўшыхся на тэрыторыі Грузіі пасьля апошняй вайны. Усяго на ўзгаданыя даследваньні плянуецца даць 20 тысячаў эўра, застаўшуюся частку прафінансуюць іншыя – Жмуды й Чухонцы.


Прыйдзем да ўлады – чапаць не будзем


Беларуская апазіцыя пасля некаторага ступару ад пачатку больш актыўнага кантактавання паміж Захадам і ўладамі пакрысе ўдаецца ў сённяшні палітычны мэйнстрым. А гэта - дыялог. Эвалюцыя ці кан’юнктура - тут фактары розныя. Існаванне па-за дыялогам у якой бы ні было форме - паглыбленне маргіналізацыі. І дэмакратычныя сілы ў выглядзе асобных палітыкаў ці пэўных структур адны за аднымі робяць адпаведныя заявы. Зараз у радыкальнай позе са сціснутымі кулакамі засталася стаяць толькі “Хартыя’97”, ды і тое гэта збольшага не палітычная структура, а прапагандысцкі інтэрнет-рэсурс.
Аляксандр Мілінкевіч ад самага пачатку падтрымаў дыялог Захаду з афіцыйным Мінскам і заняўся самакрытыкай за няслушныя дзеянні, нават Зянон Пазьняк падтрымаў прыпыненне санкцыяў. АДС пафыркалі на гэта, але праз нейкі час прапанавалі Лукашэнку сваю экспертную і практычную дапамогу ў справе пераадолення негатыўных наступстваў сусветнага фінансавага крызісу.

І вось ужо Еўрапейская кааліцыя, у якую ўваходзяць аргкамітэты па стварэнні "Народнай Грамады" (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя), Партыі свабоды і прагрэсу і міжнародная арганізацыя "Малады фронт" (зарэгістраваная ў Чэхіі), прапаноўвае беларускім уладам План нацыянальнага прымірэння. Паводле словаў каардынатара кааліцыі Мікалая Статкевіча, гэта робіцца для "захавання беларускай дзяржаўнасці, пераадолення крызісу і паспяховага развіцця ў паслякрызісны перыяд". "План скіраваны на прымірэнне сённяшняй улады і дэмакратычнай часткі грамадства дзеля будучага нашай краіны", - цытуе Статкевіча БелаПАН.

Кааліцыя прапаноўвае ўладам зрабіць наступнае: зняць судзімасці з грамадзян Беларусі, прызнаных міжнароднай грамадскасцю палітзняволенымі; спрасціць правілы рэгістрацыі незалежных СМІ; дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства; рэфармаваць эканоміку.

Са свайго боку апазіцыя гатова: праводзіць масавыя мерапрыемствы толькі ў межах змененага заканадаўства; выкарыстаць свае міжнародныя сувязі для арганізацыі замежнай дапамогі беларускай эканоміцы; гарантаваць імунітэт чыноўнікам ад пераследу ў выпадку змены ўлады.

Ці раўназначныя прапанаваныя захады?

У прыватнасці, чым можа зацікавіць апазіцыя ўлады? Напрыклад, Еўрапейская кааліцыя абяцае выконваць заканадаўства што да масавых мерапрыемстваў. Аднак несанкцыянаваныя акцыі дэмсілаў апошніх гадоў пагрозы рэвалюцыі і блізка не нясуць. Спрыянне пошуку інвестыцыяў - але афіцыйны Мінск ужо сам вядзе непасрэдны дыялог з Захадам, а іншая частка апазіцыі - Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы - заявіла пра неабходнасць шукаць піяршчыка, каб паляпшаць свой імідж за мяжой. Гарантыі ад пераследу, калі апазіцыя будзе ва ўладзе? А як да яе прыйдзе радыкальная ”Хартыя”? Карацей, гэта такая віртуальная ўльтыматыўная абяцанка.

Палітолаг Валерый Карбалевіч кажа, што добра ўжо тое, апазіцыя выступае з такой ініцыятывай у прынцыпе, “шавеліцца”. Бо “пасля пачатку дыялогу паміж Лукашэнкам і Захадам яна знаходзілася ў паралічы, у летаргічным сне”.

Эксперт кажа, што, каб апазіцыя стала суб’ектам дыялогавага працэсу, яна мусіць стаць моцнай. Са слабой апазіцыяй улады гаварыць не будуць. Яны цяпер яе нават не прызнаюць - маўляй, “няма ў нас апазіцыі - ёсць купка адмарозкаў, якія жывуць на замежныя грошы”.

Іншая справа, па словах Валерыя Карбалевіча, што ў адказ на такія кампрамісныя прапановы апазіцыі ўлады могуць пайсці на дэманстрацыю перад Захадам добрай волі. Ужо быў круглы стол па пытаннях рэгулявання інтэрнету, на які запрашаліся прадстаўнікі незалежнага грамадства. Неўзабаве можа прайсці, напрыклад, круглы стол па пытаннях дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, арганізаваны ўладамі пры ўдзеле офісу АБСЕ. Да яго могуць прыставіць некалькі крэслаў і для прадстаўнікоў апазіцыі.

А ейныя дыялогавыя заявы - гэта элементарны піяр ва ўмовах, калі трэба хоць нешта рабіць. Найперш з адрасацыяй грамадству і Захаду - мы можам быць канструктыўнымі і здольнымі на дыялог.

Тут Валерый Карбалевіч згадвае нядаўні артыкул у “СБ-Беларусь сёння” публіцыста “Народнай волі” Вячаслава Оргіша, у якім той закідвае дэмакратам тое, што яны не намагаюцца стаць канструктыўнай і сістэмнай апазіцыяй: “Але ж, што б ні рабіла апазіцыя, тое, ці стане яна сістэмнай, залежыць выключна ад уладаў”.

Напрыклад, на нядаўніх парламенцкіх выбарах яны так і не наважыліся пусціь апазіцыянераў у дэпутацкія крэслы. Наступны зручны момант дзеля гэтага будзе, здаецца, толькі на выбарах у мясцовыя Саветы ў 2010 годзе, калі да гэтага прадстаўнікі дэмакратычных сілаў раптам не зоймуць нейкіх дзяржаўных пасадаў.




МЫ

Варыянт для друку быў разьмешчаны на сайце TUT.BY